Вешаю в закреплёнку два своих стиха, которые мне дороги больше остальных (по разным причинам🌚), и девочку, котиков, которых я к ним рисовала🌺🐾 Эти стихи - "Мае каты плывуць над гаем" и "Беларусь маладая"🌿
...............Мае каты плывуць над гаем.............
Мае каты плывуць над гаем,
Мае каты плывуць над лесам.
І нават ноч калі схавае
Мяне пад цёмнаю завесай
Сваёй, каты свой шлях працягнуць.
Яны працягнуць плыць далей.
Яны свабоды, волі прагнуць,
Любві, святла. Яны мацней
За вецер, подых навальніцы.
Яны плывуць за небасхіл,
Туды, дзе зоры. І маліцца
За нас усіх ім хопіць сіл.
Мае каты плывуць над полем,
Над лугам, над усёй краінай.
Калі затопча нешта злое
Мяне, яны сваёй сцяжынай
Над светам будуць плыць павольна
І будуць варушыць вусамі.
Калі ў цямніцы, у няволі
Я буду ці калі не стане
Мяне зусім, каты ўсё роўна
Працягнуць плыць сваёю хваляй.
Сур'ёзна, ціха, памяркоўна
Мае каты плывуць над гаем.
......................Беларусь маладая......................
Хай пшаніца ў палях паспявае,
Белы бусел ляціць над зямлёй.
І камбайн мірна збожжа збірае,
Ззяе зорка над хатай маёй.
Хай блішчаць чысцінёй гарады,
І дзіцячы хай смех не сціхае.
Хай усходзіць вясёлка заўжды,
Зубраня хай у пушчы гуляе.
Хай жыве Беларусь маладая,
І любоўю хай сэрцы гараць!
І прастор прыгажосць лугавая
Ды ўсмешкі людзей азараць!
Не цячэ хай па вуліцах кроў,
Хай ні болю, ні смутку не будзе,
Пераможа дабро і любоў.
І да Бога хай звернуцца людзі!
Проста жыць - гэта вельмі цудоўна,
Бо жыццё - падарунак нябёс.
І няхай гэта цяжка, усё роўна
Мы жывыя, бо гэта наш лёс.
Хай жыве Беларусь маладая,
І любоўю хай сэрцы гараць!
І прастор прыгажосць лугавая
Ды ўсмешкі людзей азараць!
Хай заўжды будзе яркае сонца,
Будзе неба і котак сям'я,
Будзе светлае вечна аконца,
Будзе мама, і тата, і я.